Хто “юзер”, а хто “чайнік”
На базе сельгасліцэя сталі працаваць камп’ютарныя курсы для “прадзвінутых” пенсіянераў
82-гадовая Ніна Аляксандраўна Шумік -- шчаслівая ўладальніца планшэта. Сучасны і шматфункцыянальны гаджэт ёй падарылі дзеці. Пасля некалькіх майстар-класаў зяця, жанчына лёгка знаходзіць у інтэрнэце неабходную інфармацыю, карыстаецца вайберам -- вядзе гутаркі і абменьвацца паведамленнямі з роднымі і сябрамі, выкарыстоўваючы Wi-Fi і 3G-інтэрнэт.
Пенсія – час для самаўдасканалення. Так лічыць не толькі Н.А. Шумік, але і яшчэ 15 шчучынскіх энтузіястаў, якія вырашылі асвоіць камп’ютар. Курсы камп’ютарнай граматнасці для пажылых людзей пачалі працаваць на базе сельскагаспадарчага ліцэя. А натхніцелямі незвычайнага пачынання сталі член Савета Рэспублікі, генеральны дырэктар Гродзенскага абласнога УП “Кінавідэапракат” Ю.М. Аляксей, Шчучынскі райвыканкам і адміністрацыя ліцэя. У ролі выкладчыка высіупіў інжынер-праграміст “Кінавідэапраката” Д.Г. Яскевіч.
-- Падчас прыёму грамадзян у Шчучыне ветэраны працы і Узброеных Сіл прапанавалі арганізаваць камп’ютарныя курсы, -- расказвае Юрый Мар’янавіч Аляксей. – Мы пайшлі ім насустрач. Асваенне камп’ютара -- гэта патрабаванне часу, якое адкрывае новыя магчымасці і перспектывы. Да таго ж, сярод пенсіянераў шмат будучых патрыятычна настроеных блогераў, якія гатовы ў сацыяльных сетках адстойваць свае погляды.
Як навучыцца апрацоўваць тэкставую і графічную інфармацыю, працаваць з рознымі інтэрнет-браўзерамі, відэа- і аўдыяфайламі, карыстацца электроннай поштай, скайпам, інтэрнет-банкінгам? На гэтыя і іншыя пытанні шчучынскія пенсіянеры мараць не проста атрымаць адказы, а цвёрда засвоіць праграмы.
Сярод курсантаў ёсць і “чайнікі” (тыя, хто робіць толькі першыя крокі ў свет інфармацыйных тэхналогій), і “юзеры” (карыстальнікі камп’ютара, якія валодаюць базавымі ведамі). Розны ўзровень камп’ютарнай адукаванасці падзяліў жадаючых вучыцца на дзве групы.
-- Плануецца, што практычныя заняткі будуць праходзіць два разы на тыдзень на працягу месяца. Пры неабходнасці тэрмін навучання працягнем, -- гаворыць Дзмітрый Генадзьевіч Яскевіч. – Мы плануем пазнаёміць курсантаў з нацыянальнымі інфармацыйнымі рэсурсамі, навучыць шукаць патрэбную інфармацыю і многае іншае.
Пенсіянеры прызналіся, што хочуць, каб унукам не было за іх сорамна. У многіх з наведвальнікаў курсаў ужо ёсць сучасныя ноутбукі і планшэты.
Таццяна Уладзіміраўна Чаркес камп’ютэрнай азбуцы абучаў сын Аляксандр, таму што такое “мышка”, як зачыніць “акно” і “загугліць” неабходную інфармацыю яна ведае.
-- Лічу, што ў мяне недастаткова тэарэтычных ведаў, -- прызналася жанчына. -- Таму я і прыйшла на курсы.
А вось Т.К. Васільчык толькі марыць навучыцца ўпэўнена карыстацца скайпам, працаваць з вордаўскімі дакументамі і г.д.
“Студэнты” разумеюць, што працаваць ім давядзецца шмат. Таму, каб лепш засвоіць інфармацыю, ужо на першым занятку пачалі весці канспекты.
Гледзячы на гэтых зацікаўленых жанчын і мужчын, успамінаюцца словы з вядомай песні: “Не старэюць душой ветэраны”. Нашы пенсіянеры наведваюць спартыўныя секцыі і танцавальныя студыі, сустракаюцца з моладдзю, удзельнічаюць ва ўсіх раённых мерапрыемствах, спяваюць і падарожнічаюць. У кожнага з іх – актыўная грамадзянская пазіцыя, жаданне быць карысным для грамадства, жыць ярка і цікава.