Главная / О нас / СМИ о нас / Шчучынскі праект прызнаны лепшым

Шчучынскі праект прызнаны лепшым

Сумесны літоўска-беларускі праект "Спорт – магчымасць здаровага ладу жыцця ў Варэнскім і Шчучынскім раёнах" аб'яўлены ў латышскім Рэзэкне  пераможцам у намінацыі "Лепшы інфраструктурны праект". 


Ён быў рэалізаваны ў рамках Праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва "Латвія-Літва-Беларусь" 2007-2013 Еўрапейскага інструмента добрасуседства і партнёрства. Агульнай стратэгічнай мэтай гэтай Праграмы з'яўлялася паляпшэнне тэрытарыяльнай згуртаванасці латвійскага, літоўскага і беларускага пагранічных рэгіёнаў, гарантаванне высокага ўзроўню аховы навакольнага асяроддзя, забеспячэнне эканамічнага і сацыяльнага дабрабыту, а таксама садзеянне міжкультурнаму дыялогу і культурнай разнастайнасці.

Па Праграме было рэалізавана 57 праектаў, і на іх фінансаванне Еўрапейскі саюз выдзеліў 37,2 млн. еўра. 
У ходзе рэалізацыі аднаго з самых буйных праектаў, распрацаванага з беларускага боку аддзелам адукацыі, спорту і турызму Шчучынскага райвыканкама, пры падтрымцы старшыні райвыканкама С.В. Ложэчніка, яго намесніка Г.С. Хвядзюк і начальніка аддзела архітэктуры і будаўніцтва М.М. Рудой, у Шчучыне быў рэканструяваны спарткомплекс па вуліцы Авіятараў. У сваю чаргу літоўскія партнёры правялі рэканструкцыю гарадскога футбольнага стадыёна ў г. Варэна.
-- Для нашай дэлегацыі было поўнай нечаканасцю, калі на заключнай канферэнцыі пры падвядзенні вынікаў гэтай Праграмы (а мерапрыемства праходзіла у г. Рэзэкне Латвійскай Рэспублікі) наш праект назвалі лепшым інфраструктурным праектам, -- расказвае начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Шчучынскага райвыканкама Уладзімір Раманавіч Дубок. – Безумоўна, гэта высокая адзнака праведзенай работы. Словы ўдзячнасці хочацца выказаць кіраўніку праекта з літоўскага боку Святлане Грышкявічэне, якая прафесіянальна курыравала ўсю дзейнасць.
Як расказаў Уладзімір Раманавіч, шчучынцы, якія зарэкамендавалі сябе саліднымі і надзейнымі партнёрамі, маюць намер прыняць удзел у новай праграме трансгранічнага супрацоўніцтва "Латвія-Літва-Беларусь", распрацаванай на 2014-2020 гады. Чарговы праект будзе распрацоўвацца з улікам трох накірункаў: падтрымка малазабяспечаных слаёў насельніцтва і асоб з абмежаванымі магчымасцямі, падтрымка органаў улады і мясцовага самакіравання, захаванне гісторыка-культурнай спадчыны. 

Дзянніца